Размаўляй са мной па-беларуску

23.09.2022

Наяўнасць мовы – адна з прыкмет разумнай істоты. Яшчэ адна прыкмета – імкненне да творчасці. Таму ў кожнага народа мова свая адметная. Мова не ствараецца аднойчы і назаўсёды. Яна, як жывая істота, сілкуецца з крыніцы чалавечых узаемаадносін, дыхае паветрам роднага краю, расце і змяняецца. Распаўсюджваецца на новыя тэрыторыі, узбагачаючыся дыялектамі і гаворкамі.

Цікава, як нехта здагадаўся падзяліць роўную моўную плынь на асобныя гукі і пазначыць іх літарамі! Дзякуючы гэтаму вынаходствумы зараз маем магчымасць дакрануцца да багатай спадчыны нашых продкаў і працягнуць ланцужок пераемнасці да нашчадкаў. Прывядзём словы паэта Уладзіміра Паўлава: “Толькі ведайце: плод без зярняці – не плод, а без мовы – насельніцтва мы, не народ”. Таму мова – сапраўднае багацце, той самы “геніяльны твор”, які мы павінны берагчы і шанаваць.

У групе №4 робіцца ўсё дзеля прывіцця вывхаванцам цікаўнасці і павагі да роднай мовы. Вось і прайшоўшы тыдзнь беларускай мовы мы правялі цікава і з натхненнем. У межах тыдня была зроблена выстава дзіцячай беларускамоўнай літаратуры, арганізавана праслухоўванне асобных празаічных і вершаваных твораў. Дзеці, якія валодаюць навыкамі чытання, паспрабавалі самастойна прачытаць асобныя словы і словазлучэнні.

Нашы выхаванцы прынялі ўдзел у акцыі “Размаўляй са мной па-беларуску”. На маленькіх папяровых буслянятках яны напісалі словы, якія больш за ўсё кранаюць дзіцячыя сэрцы: маці, Радзіма, Беларусь, мова, васілёк, вясёлка і інш. Сваіх буслянят мы выпусцілі на вольныя прасторы нашай краіны, каб неслі яны свае пасланні да інтэрактыўнага воблака “Маё любімае слова па-беларуску” і з вышыні птушынага палёту любаваліся вобразамі, створанымі юнымі мастакамі “пад небам сінім”.