Маладзічок-гадавічок

Маладзічок-гадавічок

 

ЖНІВЕНЬ

 

Звесткі пра месяц

 

         Жнівень – апошні месяц лета, восьмы – года. Жнівень – час жніва, месяц сярпа, якім жалі жыта, пшаніцу, ячмень, авёс, проса і інш. У беларускіх гаворках сустракецца другая назва месяца – серпень. Шчодра сыплюцца дажджы, ліўні, град.

         У жніўні цвітуць яшчэ некаторыя травы, але ў другой палавіне месяца іх ужо значна менш.

         Заканчваецца жніво азімых, убіраюць ярыну, лён-даўгунец, скараспелую бульбу, агуркі, памідоры, пачынаюць сеяць азімыя. Пакрысе адлятаюць у вырай птушкі.

         Працягваецца збор лекавых раслін, у тым ліку каранёў дзягілю, дзівасілу, валяр’яны, пладоў шыпшыны, ядлоўцу, чаромхі, шышак волькі і інш.

         Гэты месяц вызначаецца такімі традыцыйнымі нацыянальнымі святамі, як Ілля (2 жніўня); Спас (першы, мядовы – 14 жніўня; другі, яблычны – 19 жніўня; трэці, арэхавы – 29 жніўня); Прачыстая (28 жніўня) – самае значнае свята канца лета і інш. Разам з тым жнівень вызначаецца і такімі абрадамі, як зажынкі і дажынкі.

         Па-ўкраінску жнівень называецца серпень, а па-руску – август.

 

ПАЭЗІЯ

 

Жніво

 

У дзядулевым двары

Два жывуць гаспадары.

Тут жніво пачаў унук –

Здольны, шчыры самавук.

Упраўляўся рупна, дбайна

І з машынай, і з камбайнам.

Полем родны стаў дварок,

Жытам – мяккі муражок.

Зіхацела, ззяла дзіва,

Золатам яснела ніва.

Зерне – залаты пясочак

Сыпаў жнец у кузавочак.

Акуратна, асцярожна

Ехаў хлопчык полем, пожняй.

Заставаўся чысты след,

Радасцю свяціўся дзед.

Не сціхаў, гудзеў шафёр

За машыну, за матор.

Прыляцелі да Андрэйкі

Скакуночкі-верабейкі,

У двары скакалі,

Зернейка шукалі.

Можа, кураняткі

Падзяўблі зярняткі? (Генадзь Тумаш)

 

         Папярэдне варта расказать дзецям пра працу селяніна, якую ён выконвае ў час жніва, менавіта ў жніўні.

         Паслухаўшы верш, скажыце, што такое жніво. У якім месяцы яно пачынаецца? А што такое жыта? Чаму скакуночкі-верабейкі не знайшлі зярнятак? Ці праўда, што “кураняткі падзяўблі зярняткі”? Можа, паэт пажартаваў? Намалюйце маленькага гаспадара, які “зерне – залаты пясочак” сыпле ў кузавочак, ці зляпіце з пластыліну Андрэйку і скакуночкаў-верабейкаў, якія прыляцелі да яго і інш.

 

Градка

 

Градка у Ганулі.

Там расце цыбуля,

Кожная ў кароне

Пёрышкаў зялёных.

А на схілах градкі

Светлая салатка

Туліцца к зямліцы,

Каб не прастудзіцца.

Рэпкі шмат салодкай

З хвосцікам кароткім,

Ды яна малая,

Толькі падрастае.

Ёсць там і маркоўкі,

Маку ёсці галоўкі.

На зыбучых ножках

Там стаіць гарошак.

Ад гарошку блізка

Белая радыска –

Дасць сягоння Ганя

Тату на сняданне.

Выпалата градка

І штодзень паліта,

Ураджай на градцы

Будзе знакаміты,

Бо яе шторанку

Даглядае Ганка. (Канстанцыя Буйло)

 

         Што такое цыбуля, салата, рэпка, морква, мак, гарошак, радыска? Як апісвае іх паэтэса і чаму? Напрыклад: “На зыбучых ножках там стаіці гарошак”. Чаму “На зыбучых ножках”? Чаму “Ураджай на градцы будзе знакаміты”? Складзіце загадкі пра цыбулю, рэпку, моркву, мак, гарох, радыску і інш.

 

Унучкам

 

1

У Каці добры вожык,

А з ёй гуляць не хоча.

У вожыка сто ножак,

Так ноччу ён тупоча.

І Каця вожыку крычыць,

Што хоча ножкі палічыць.

 

2

Ксюшачка, Ксюшачка,

Вось табе падушачка.

Дарагой маёй дзяўчынцы

Пазбіралі па пярынцы

Тыя гусі белыя,

Што па лузе бегалі.

Ты заснеш, ты заснеш

На сваёй падушачцы.

І не думай у сне

З гусаком падужацца. (Пімен Панчанка)

 

         Паслухаўшы верш, папрамаўляйце яго хорам і вывучыце на памяць. Прыдумайце смешны сон, які магла б убачыць Каця, і раскажыце яго. А хто з вас бачыў смешны сон?

 

Грыбы хутчэй растуць…

 

Нібы пад парасон, пад баравік

Схаваліся і гном, і лесавік.

Лапоча дождж, але не страшны ён,

Схаваліся ўсе пад парасон.

Пасля дажджу і гном, і лесавік

Зірнулі – вырас раптам баравік.

А мы, - сказаў сумотна бедны гном, -

Ці падрасцём? А мо не падрасцём.

А лесавік смяяўся ад душы:

- Грыбы хутчэй растуць, чым малышы. (Людміла Забалоцкая)

 

         Паслухаўшы верш, намалюйце карціну, якая паўстала перад вамі.

 

МАЛЕНЬКІ ТЭАТР

 

Хто вінаваты?

 

Запытала мама ў мышкі:

- Хто тут лазіў у гладышкі,

Паздымаў усе вяршкі,

Панадкусваў піражкі?

Мышка маме адказала:

- Я смятаны не лізала,

Можа, нехта з’еў другі

І вяршкі і пірагі.

Пацягнуўся шэры кот:

- Я не браў смятаны ў рот,

Нават скажуць столь і сцены,

Што зрабіўся я сумленны.

- Ку-ка-рэ-ку! –

Тут дарэчы

Певень выскачыў з-пад печы:

- Вам хлусіць і я не стану,

Кот даўно не еў смятану.

А тым часам вострыць вуха

Каля той гладышкі муха.

Мышка скача, мышка рада:

- Гэта ж муха вінавата.

Не гаворыць толькі Янка,

Дзе падзелася смятанка. (Сяргей Грахоўскі)

 

         Вывучыўшы верш, інсцэніруйце яго.

 

ПРОЗА

 

Насцечка

 

         З горада ў вёску да бабы і дзеда прыехала ўнучка Насцечка.

- Ну-ну, - казалі тата і мама. – Паглядзіце, у каго яна ўдалася?

І дзед, і баба спадабаліся Насцечцы. Ды так, што, калі тата і мама пачалі збірацца ехаць назад у горад, Насцечка склала банцікам губкі, заплакала.

- Не хачу нікуды ехаць. Хачу ў дзеда і бабы жыць.

         Дзед і баба толькі таго і чакалі…

         Прачнулася раніцай Насцечка і доўга не магла зразумець, дзе гэта яна. Калі ж нарэшце зразумела, здагадалася, саскочыла з ложка, патэпала босымі ножкамі туды, дзе была кухня. Адчыніла дзверы – і ўбачыла бабу і дзеда. Баба, нагнуўшыся над дзіўнай драўлянай пасудзінай, нешта секла, а дзед… Што ж гэта такое рабіў дзед? Сядзеў на табурэціку і біў малатком па нечым бляшаным – дзінь-дзінь-дзінь!..

- Дзед, што ты робіш? – спытала Насцечка.

- Касу кляпаю, - заўсміхаўся ў свае пышныя пшанічныя вусы дзед.

- А навошта табе каса?

- Касою я накашу карове сена. Карова з’есць яго і дасць нам малака. А з малака, як ты ведаеш, і смятана, і тварог, і масла.

- А ты, баба, што робіш? – падышла бліжэй да бабы Насцечка.

- Я сяку бульбу, - лагодна адказала баба. – Усыплю сюды мукі, развяду цёпленькаю вадою ды свіней накармлю. Вырастуць свінні – і мяса, і сала, і каўбасы будуць.

         Пастаяла Насцечка, паглядзела на дзеда і бабу і кажа:

- Дзед сена будзе касіць, баба свіней карміць. А мне што рабіць?

- О! Абы ахвота была, а работы ў нас на ўсіх хопіць.

         Кінула баба сячы бульбу, узяла місачку, насыпала ў яе залацістых зярнят.

- Я вось пайду свіней карміць, а ты, - падала яна місачку з зярнятамі Насцечцы, - курэй накорміш. Куры наядуцца зярнят і яечачка табе свежае знясуць…

         Прыехалі з горада тата і мама, бачаць: стаіць іхняя Насцечка сярод двара, сыпле курам ячмень, а тыя дзяўбуць яго ды ціхенька - ко-ко-ко! – перамаўляюцца, няйначай, радуюцца, што памочніца ў дзеда і бабы з’явілася, хваляць яе.

         Глядзелі на Насцечку тата і мама, любаваліся, вачэй не маглі адвесці. Малая, а якая малайчына! Цяпер яны пэўна ведалі: будзе з яе клапатлівая гаспадыня-працаўніца. (Барыс Сачанка)

 

         Чаму тата і мама былі ўпэўнены, што з Насцечкі вырасце “клапатлівая гаспадыня-працаўніца”? Ці дапамагаеце вы старэйшым?

 

КАЗКІ І ЛЕГЕНДЫ

 

Дзяды

 

         Ведама, у самае жніво ўсе пайшлі на работу: асталіся ў сяле толькі старыя ды малыя. Млыя перасыпаюць пясочак, або з яго аладкі пякуць, ці ямачкі капаюць, а старыя сядзяць у кажушках на прызбах ды грэюцца на сонейку, бо ведама, на старасці дык і ўлетку халодна.

         От высунуліся сабе два старэнькія дзяды-суседзі на сонейка ды глядяць, як дзеці гуляюць. Напрыкрала ім сядзець без работы, от адзін і кажэ:

- Павядом каней на пашу.

- Добрэ, - кажэ другі, - толькі давай мы будзем гаварыць бы дзеці, мо яшчэ і памаладзеем.

- Добле.

         Узялі яны коней, вывелі за сяло ў хмызняк, і пусцілі на пашу, а самі селі і давай перасыпаць пясочак.

- Дай злобім жыжу. Злобім ды спяком яеценьку.

- Добле, спяком.

         Наклалі яны агню і давай пекчы яечню. Спяклася яечня. От адзін і кажэ:

- Збегай ты, паглядзі, дзе косі. Пабег адзін за кусты, глядзіць коней, а другі тым часам і з’еў яечню. Прыходзіць потым той і пытае:

- А дзе ж яеценька?

- Жыжа з’ела, - кажэ другі дзед.

         Прамаўчаў той, а потым кажэ:

- Збегай, паглядзі, дзе косі.

         Другі дзед скінуў свой кажух і пабегся за кусты, глядзець коней. Гэты дзед тым часам ускінуў кажх другога на агонь і дроў падлажыў. Згарэў кажух як пяро. Прыходзіць той дзед і пытае:

- А дзе ж мой казусок?

- Жыжа з’ела, - кажэ дзед.

         Тут давай яны тузацца за каўтуны ды лаяцца на чом свет стаіць. Забыліся, што і гаварылі, бы дзеці. Пабіліся дзяды і пайшлі на суд. Суддзі пытаюць, за што яны біліся. Расказваюць дзяды, як было… Пасмяяліся суддзі, што дзяды здзяцінелі і на старасці ўздумалі аб том судзіцца, што яшчэ тагды было, як яны гаварылі, бы дзеці.

- Ідзіце вы, старэнькія, за печ, ды сядзіце там ціхенька, - кажуць суддзі.

         Так нічога не парадзілі дзяды: не слухаюць іх, ды і толькі. (І.Аземша)

 

         Чаго не зразумелі дзяды? З чаго вам стала смешна? А можа, хто раскажа казку сваімі словамі? Раскажыце яе сваім бацькам, дзядам, сябрам.

 

ЗАГАДКІ

 

Было жоўтым, вырасла зялёным, сонца пацалавала і зноў жоўтым стала. (Жыта, ячмень ці авёс)

 

Корміць, корміць, а сама есці не просіць. (Зямля)

 

Вечарам нараджаецца, а раніцай памірае. (Раса)

 

Шапкі пазбыўся і на зямлю заваліўся. (Арэх)

 

Жоўты Піліп да палкі прыліп. (Яблык)

 

Што расце без кораня. (Камень)

Поле белае, насенне чорнае, сыпнеш, а ў галаве ўзыходзіць. (Кніга)

 

         Адгадайце загадкі, складзіце і загадайце свае пра жыта, зямлю, расу, арэх, яблык, камень, кнігу і інш.

 

ПРЫКАЗКІ І ПРЫМАЎКІ

 

         Хто ў жніўні гуляе, той зімой галадае.

 

Што поле ўродзіць, тое жнівень павозіць.

 

Кожная хата ў жніўні багата.

 

Паслухайце прыказкі і прымаўкі і адкажыце на пытанне, пастаўленае да кожнай з іх выхавацелем.

Напрыклад: чаму “хто ў жніўні гуляе, той зімой галадае”?

 

ЗАКЛІЧКІ

 

Зубі, зубі, дождж,

На бабіну рож,

На дзедаву плеш,

Дзецям на кулеш.

 

         Вывучыце заклічку на памяць, успомніце тыя, што вы ведаеце, і прачытайце гэтыя і іншыя хорам, скачучы і пляскаючы ў далонькі, нібы зазываючы дождж і г.д.

 

ЛІЧЫЛКІ

 

Раз, два, тры –

Жнівень,

жыта

жні.

Можна жаць

авёс.

Але

ён

не дарос.

 

         Вывучыце на памяць лічылку і, выкарыстаўшы яе, арганізуйце гульню.

 

ВЯСЁЛЫЯ ІСКРЫНКІ

 

Таня хваліцца бабулі:

- Гэтым зубікам я гавару, а гэтым – ем!

Дзед здзіўляецца:

- Унучак, чаму ты пахнеш дымам?

- А я касцёр смажыў!

 

         Ці стала вам смешна? Успомніце і раскажыце што-небудзь смешнае з вашага жыцця.

 

СКОРАГАВОРКІ

 

         Жнівень. Жняцы на ніве, жне жыта жнівень. (Васіль Жуковіч)

 

         Навучыцеся прамаўляць скорагаворку спачатку павольна (вывучыце яе на памяць), пасля – хутчэй хорам, а потым – вельмі хутка, па аднаму.

 

ПРЫПЕЎКІ (з дзіцячага фальклору)

 

Ой, казала маці

Кісель памяшаці,

А я не мяшала,

У ключыкі гуляла.

Ключы пагубіла,

Мяне маці біла.

Шукала наўкола –

Ножкі пакалола.

Ажно там спаткала,

Дзе я заспявала:

“Ключыкі, замчыкі,

Мілыя танчыкі”…

 

         Вывучыце словы, падбярыце народную “прыпевачную” мелодыю, паспявайце і паскачыце.

 

НАРОДНЫЯ ПРЫКМЕТЫ

 

         Калі дождж на Іллю, будзе жыта ядронае, а калі спякота – будзе зіма доўгая.

         Ілля жніво пачынае, а лета канчае.

         Прыйшоў Ілля, укінуў у ваду алядня (з гэтага дня забараняецца купацца).

         Барыс і Глеб – паспеў хлеб.

         Калі рабіна не паспела на першы Спас, будзе халодная восень у вас.

         На другі Спас – бяры рукавіцы ў запас.

         Прачыстая прынясе хлеба чыстага.

         Трэці Спас – збірай арэхі празапас.

 

         Папярэдне варта растлумачыць сэнс гэтых народных прыкмет і прапанаваць дзецям запомніць адну з іх (на выбар выхавацеля).

 

НАРОДНЫЯ ПАРАДЫ

 

         Не палі грады на Макрыну (1 жніўня) – ад дажджоў ураджай загіне.

         Да Іллі купаюцца, а пасля яго з ракой развітаюцца.

         Каб добра налівалася цыбуля, трэба на градах прыгінаць пер’е.

         Перад тым, як чысціць буракі, маладую бульбу, трэба спаласнуць рукі ў воцаце і высушыць іх – яны не пацямнеюць і лёгка адмыюцца.

         Загарніце тварог у чыстую, змочаную ў падсоленай вадзе марлю, ён надоўга захаваецца свежым.

         Плямы ад суніц і маліны з ільняных тканін лёгка адмываюцца, калі мыць іх у несалёнай вадзе, дзе варылася белая фасоля.

 

 

Меню раздела