Каляды - зімовыя святы

18.01.2022

Каляды ў беларусаў лічыліся галоўным зімовым святам. Дакладна назваць дату, калі іх святкуюць, складана. Па-першае, таму, што ў гэтым свяце спалучаюцца і паганскія традыцыі, згодна з якімі каляды звязаныя з днём зімовага сонцастаяння, і каталіцкія, паводле якіх свята адзначаецца 25 снежня, і праваслаўныя, якія прапануюць дату 7 студзеня. Па-другое, святкаванне не абмяжоўваецца адным днём.

Перш за ўсё, сустракаючы свята, сяляне назіралі за станам надвор’я, каб па ім меркаваць пра будучы ўраджай. Таксама раней верылі, што пэўнмі дзеяннямі ў святочныя дні можна палепшыць здароўе і дабрабыт сям’і, павялічыць прыплод хатняй жывёлы і ўраджай.

Вось самы папулярны звычай: святочны стол усцілалі спачатку сенам, якое прыносіў у хату гаспадар ці адзін з яго сыноў, і толькі пасля накрывалі спецыяльным абрусам. Гэта павінна было спрыяць вялікай колькасці малака ў кароў.

У час вячэры гаспадыня імкнулася падрыхтаваць роўна дванаццаць страў, каб такая разнастайнасць спрыяла дастатку ў сям’і на працягу ўсяго года. Звычайна на стале можна было ўбачыць куццю, сала, мяса, смажаныя каўбасы,  крывянку, халадзец, бліны, кісель і г. д.

А якія Каляды без калядоўшчыкаў? Хлопцы і дзяўчаты ўтваралі гурт, і, пераапрануўшыся ў казу, кабылу, мядзведзя, пачыналі хадзіць па вёсцы. Яны спявалі віншавальныя, велічныя пнсні гаспадару, гаспадыні, іх дзецям, жадалі шчасця, здароўя і багатага ўраджаю. Але чырвонай ніткай скрозь усе песні праходзіла радасць: нараджэнне Хрыста. Моладзь абавязкова абыходзіла ўсе хаты, бо лічылася, што “Каляда прыйдзе – добры год будзе”, “калядоўшчыкі ў хату шчасце нясуць”.

У наш дзіцячы садок таксама прыйшла Каляда. Выхаванцы ў ролі калядоўшчыкаў завіталі ў хату да Лявона і Лявоніхі, сустрэлі павадыра з казой і вучонага мядзведзя. Спявалі калядныя песні, гулялі, жартавалі, весяліліся. Самае галоўнае ў нашым свяце – падзяліцца радасцю з блізкімі людзьмі і чакаць ад надыходзячага года толькі самага лепшага!