Вясёлая Масленіца

15.03.2021

Масленіца, бадай, самае ўлюбёнае фальклёрнае свята нашага народа. Раней казалі, што на Масленіцу “зіма з вясною сустракаюцца, пра здароўе адна адну пытаюцца”.

У нашым садочку таксама прайшло гэтае вясёлае свята. Правесці яго дапамаглі Паўлінка і яе дзядуля. А Паўлінчын дзядуля такі жвавы і рухавы, што паўдзельнічаць з ім у гульнях “Дзядуля-ражок” і “Блін гарыць” было вельмі цікава!

А потым мы заклікалі Масленіцу такімі словамі: “Душа ты мая, Масленіца! Прыязджай да нас у госці на шырокі двор з гор пакатацца, у блінах паваляцца, сэрцам павесяліцца!” І яна з’явілася ў выглядзе румянай страката апранутай жанчыны. Яна расказала пра звычай рабіць чучала са старога адзення, якое трымалася на драўляным крыжы. Чучала таксама называлі Масленіцай. Да яго звярталіся, як да жывой істоты: “Добры дзень, Масленіца дарагая, госця залатая, на саначках маляваных, на канях вараных!” Яшчэ прасілі святла і цяпла; ураджаю і дабрабыту ў гэтым годзе. Чучала ставілі на віднае месца і весяліліся.

Як весяліліся? Пелі розныя песні, гойдаліся на арэлях, спаборнічалі паміж сабой у моцы і спрытнасці. І, вядома, частаваліся блінамі з мёдам, маслам і рознымі іншымі прысмакамі.

Вось і дзеткі нашы вадзілі карагод “Свяці, свяці, Сонейка”, і так гучна спявалі, што нават абудзілі мядзведзя! А калі мядзведзь прачнецца, так і вясна пачнецца! Дзікі звер таксама гатовы быў пагуляць у гульні на свежым паветры. Вельмі ўжо няўтульна стала ў яго старым бярлогу!

Спадарыня Масленіца далей распавяла, што ў канцы свята чучала спальвалі. Лічылася, што разам з ім згарае ўсё дрэннае, бруднае, страшэннае, што назапасілася за доўгаю зіму. А на змену яму прыйдзе добрае, вясёлае, чыстае! Апошні дзень масленічнага тыдня называўся “Даравальная нядзеля”. Людзі просяць адзін у аднаго даравання за нанесеня крыўды. Гэта вельмі добры старадаўні звычай, трэба і сёння памятаць пра яго. Спадарыня Масленіца прапанавала дзеткам таксама абняцца і папрасіць прабачэння за ўсе ранейшыя крыўды і больш ніколі не крыўдзіць адзін аднаго.

А яшчэ ў гэты час гаспадыні пякуць маленькія булачкі ў выглядзе птушачак – “жаўранкі”. Гэтыя “жаўранкі” церушыліся ў двары ці насаджваліся на галінкі дрэў, каб прыцягнуць хутчэй птушак з выраю. Астатнія булачкі раздаваліся дзецям, каб малыя былі здаровыя і вясёлыя, як птушачкі!

На гэтым спадарыня Масленіца развіталася з намі. А мы рушылі па сваіх групах, каб у зручнасці пачаставацца блінамі з тварагом, варэннем, згушчонкай, маслам і інш. Кажуць, што на мазаны блін і кот па-іншаму глядзіць!