Прагулкі па горадзе пад кніжнай вокладкай

10.04.2020

Наш старажытны цудоўны горад захоўвае мноства таямніц і загадак. І не абавязкова яны бяруць свой пачатак у глыбокай старажытнасці. Сучаснасць таксама можа быць і хвалюючай, і захапляльнай. Наш Віцебск, вечна малады і дзівосна прыгожы, натхняе творчых людзей на ўсё новыя «вар'яцтвы».

   Вось і мы не маглі не натхніцца ягоным непаўторным шармам і вырашылі сабраць пад адной вокладкай тое, што ў першую чаргу захапляе і радуе. Кожная група стварыла свой альбом-даведнік па Віцебску, адлюстроўваючы сваё бачанне месцаў і падзей, людзей і помнікаў. Назвы гэтых кніг адпаведныя: «Памятныя мясціны горада Віцебска», «Гарадская паркавая скульптура горада Віцебска», «Вядомыя помнікі і скульптуры Віцебска», «Наш горад Віцебск», «Кніга пра родны горад», «Славутыя месцы нашага горада вачыма дзяцей», «Мой родны горад», «Наш любімы горад» і інш.

   Разам з дзецьмі і бацькамі мы адшукалі мініятурнага ліхтаршчыка дзядзьку Віцю, які караскаецца па слупе перад Пушкінскім мостам з боку вуліцы Талстога. Яго пасяліў у нашым горадзе аўтар знакамітай лаўкі-сядзейкі. Палюбаваліся белымі бусламі, якія ўзвышаюцца над праспектам Чарняхоўскага і вуліцы Воінаў-інтэрнацыяналістаў. Дадалі манетак у казну «Залатой рыбкі», патузали за бараду «Хатабыча», пацерлі нос вучонаму пудзелю. А потым разам са "Сустракаючымі" сустракалі цягнікі на чыгуначным вакзале. Пракаціліся на старым трамваі міма фантана Гігеі-багіні медыцыны. Чыталі вершы з Еўдакіяй Лось і Уладзімірам Караткевічам, мераліся ростам з Фёдарам Махновым і рамантавалі абутак у Сан Крыспіна.

   Цяпер прагулкі па родным горадзе стануць яшчэ больш прыемнымі. Бо ўжо як старому знаёмаму падміргне табе з-за ліхтарнага шкла ўсюдыісны дзядзька Віця, і зусім-зусім па-свойску здалёк памахае рукамі-крыламі «Жывы гадзіннік» каля арт-цэнтра Марка Шагала, прапануюць пракаціцца «з ветрыкам» «Слімакі» Кіраўскага моста, а добры джын выканае любое тваё жаданне!

 

 

 

Па горадзе гуляла Аляксандра Красоўская