Міхайлаў дзень

03.12.2019

  У чарговы раз дзіцячы сад №101 адчыніў свае дзверы для дзядуляў і бабуль сваіх выхаванцаў. Разам мы святкавалі Міхайлаў дзень. Гэта апошняе свята, пазначанае ў народным календары нашых продкаў. “Міхайла – святаў запіхайла”- казалі раней. У канцы лістапада скончаны ўсе палявыя работы: “Прыйшоў Міхал – усіх з поля паспіхаў”. Гаспадыні зрабілі нарыхтоўкі на зіму. Ёсць што на стол паставіць, чым гасцей пачаставаць. Таму мінавіта ў гэтыя дні з’явіўся звычай унукам наведваць сваіх дзядуляў і бабуль, каб выказаць ім сваю павагу і пашану. А старэйшыя маглі падзівіцца, якімі дарослымі і прыгожымі сталі ўнукі. Мы крышку адышлі ад народных традыцый і самі запрасілі да сябе старэйшых.

Вельмі пранікнёна гучалі вершы і песні ў іх гонар. Своеасаблівым падарункам стала камп’ютэрная прэзентацыя з фотаздымкамі дзяцей разам са старэйшымі членамі сям’і. Некаторыя з іх, нават,  не змаглі стрымаць слязінкі замілавання. Далей дзеці запрашалі дзядуляў і бабуль на жартоўныя спаборніцтвы і гульні, станцавалі разам вясёлую полечку.

 

Напрыканцы свята прагучалі добрыя словы ў адказ ад прадстаўнікоў старэйшага пакалення. Гэта была падзяка за добрае сямейнае свята, захапленне талентамі сваіх унукаў, за выдаткую працу педагогаў па падрыхтоўцы мерапрыемства. А таксама пажаданні новых поспехаў і новых дасягненняў. А юныя артысты атрымалі салодкія падарункі.

 

 

Выхавацель ДУА “Яслі-сад №101 г.Віцебска”

Аляксандра Красоўская