Квест-гульня “У пошуках папараць-кветкі”

07.07.2020

Пачалося ўсё з таго, што мы знайшлі загадкавае пасланне…

Мы прачыталі яго і даведаліся, што сам Купала прапануе згуляць у захапляльную гульню з пошукам папараць-кветкі і сапраўдных скарбаў. Там жа паведамлялася, дзе шукаць наступнае ўказанне. Загадка падказала, што гэта лес…

Мы пагулялі ў лесе, пазбіралі грыбоў і ягад. Ядомыя аддзялілі ад атрутных і знайшлі пасланне, якое накіравала нас на мядзвежую паляну.

Мядзведзі загадалі складаную загадку, але мы яе адгадалі і накіраваліся да ракі.

На яе беразе дзяўчаты звілі вянкі і вырашылі паваражыць на сардэчнага сябра.

Пад каменьчыкам знайшлася запіска ад Бабы Ягі.

Мы накіраваліся да хаткі на курыных лапах, і хітрая Бабка Ёжка, загадаўшы тры складаныя загадкі, аддала наступную запіску.

Мы здагадаліся, што кветка, якая памірае ад вады – гэта агонь.

Было вельмі весела скакаць цераз вогнішча, вадзіць вакол яго карагод і расказваць страшныя гісторыі.

 

Вогнішча  накіравала нас да сонейка. На наш агарод.

 

Там мы ўзгадалі беларускія назвы агародных і лекавых раслін. Сёння ж яны ў самай моцы!

З агароду – простая дарога да папараці. І вось яна – чароўная “папараць-кветка”!

А дзе яна, там і “зачараваныя скарбы”.

Наша выпрабаванне скончана. Можна дзяліць скарбы!

 

Вось такія кветкі расцвілі на нашых малюнках.

 

 

 

Не магли не ўспомніць мы сёння і народнага песняра Беларусі, паэта Янку Купалу.

Вершы якога не губляюць сваёй прыцягальнасці ўжо больш за 130 гадоў.

 

…Я зноў заснуўшую было жалейку

Бяру і пробую ў ёй галасоў:

Ці хопіць светлых, звонкіх думак-слоў,

Ці гладка пойдзе песня-дабрадзейка?

 

І пачынаю йграць з трывогай нейкай,

Хоць песня як і з даўніх б’е часоў, -

Звініць, як вецер паміж верасоў,

І ў перагонкі рвецца з салавейкай…